26.04.2017

Калектывы і майстры вобласці сабраліся на «Веснавы карагод» у Магілёве

Калектывы і майстры вобласці сабраліся на «Веснавы карагод» у Магілёве

У Магілёве адбылося свята «Веснавы карагод Магілёўшчыны» ў рамках фестывалю фальклорнага мастацтва «Скарбніца Падняпроўя». У мерапрыемстве прынялі ўдзел выканаўцы, калектывы, майстры Дрыбінскага, Кіраўскага, Клічаўскага, Касцюковіцкага, Асіповіцкага раёнаў, паведаміла метадыст УК «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы» Таццяна Смаршчок.

Гасцей свята сустракалі на пляцоўцы каля будынка УК «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР» творчыя калектывы святочнымі веснавымі карагодамі і гульнёва-забаўляльнай праграмай «Вясна-красна на ўвесь свет». Народны фальклорны ансамбль «Спадчына» Клічаўскага раёна выконваў веснавыя і вясельныя песні, а народны вакальны ансамбль «Сяброўкі» Касцюковіцкага раёна запрашаў у карагод-гульню пад «Польку». Усе жадаючыя маглі паўдзельнічаць у гульнёвай праграме «Камаедзіца», якую ладзіла творчая група «Пацеха» Кіраўскага раёна.

У фае першага паверха была арганізавана фальклорная тэматычная экспазіцыя «Веснавы куфэрак», у ходзе якой прайшла дэгустацыя-прэзентацыя традыцыйных страў пасхальнага тыдня, дэманстрацыя спектакля аматарскага батлеечнага тэатра Асіповіцкага раёна.

Майстры вобласці, акрамя вырабаў традыцыйных раместваў, прадстаўляли вырабы на тэмы «Закліканне вясны», «Благавешчанне», «Вялікдзень» і іншыя тэмы народных святаў веснавога цыклу. Заварожвалі сваім хараством маляваныя дываны на веснавую тэматыку асіповіцкіх майстроў.

Кароўчынскім Домам рамёстваў былі прадстаўлены цэлыя творчыя праекты «Саракі», «Благавешчанне», «Вялікдзень», тут жа імі ладзіліся майстар-класы па роспісу велікодных яек. Клічаўскімі майстрамі праводзіўся майстар-клас па вырабу сувенірнай велікоднай тэматыкі, кіраўскімі мастрамі — майстар-клас па вырабу лялек-засцярогаў.

Творчы гурт Дрыбінскага дома народных рамёстваў праводзіў народны гульнёвы атракцыён «Вялікодныя забавы», падчас якога запрашаў гасцей свята катаць велікодныя яйкі.

У канцэртнай зале «Магілёў» у тэатралізаванам прадстаўленні «Веснавыя карункі народнай творчасці» прынялі ўдзел фальклорныя калектывы і выканаўцы раёнаў-удзельнікаў.

Веснавымі песнямі гукалі вясну ўзорны фальклорны ансамбль «Купалачка» Клічава і ўзорны ансамбль народнай песні «Муравушка» Касцюковіцкага раёна.

Народны ансамбль народнай песні «Вязанка» Асіповіцкага раёна пазнаёміў гасцей свята з рэканструяваным абрадам свята Юр’я, прымеркаваным да першага выгана скаціны ў поле, у якім жанчыны і дзяўчынкі с песнямі і танцамі прыносяць ахвараванні — акрайчык хлеба, велікоднае яйка — і запрашаюць Юр’я бараніць жывёлу, просяць шчасця і здароўя для сябе і сваіх блізкіх.

Старэйшае пакаленне на свяце прадстаўлялі народны аўтэнтычны фальклорны ансамбль «Спадчына» Кіраўскага раёна і аўтэнтычны фальклорны гурт вёскі Журбін Касцюковіцкага раёна. Нягледзячы на ўзрост, жанчыны з неверагодным талентам і артыстызмам выконвалі песні і танцы, чым і заслужылі бурныя апладысменты гледачоў.

Раіса Леўлюх з Асіповіцкага раёна паведаміла цікавую легенду пра святую крыніцу Прошча, якая знаходзіцца недалёка ад вёскі Карытнае Асіповіцкага раёна. Зараз каля крыніцы пабудавана царква, прысвечаная абразу Божай Маці «Жываносная крыніца». Па павер’ях, вада жыватворнай крыніцы вылечвае ад душэўных і цялесных хвароб.

Побытавыя танцы свайго краю с запалам прадставіў народны ансамбль бытавога танца «Вытокі» Дрыбінскага раёна. Дрыбінскі раён знакаміты майстэрствам шапавалаў, якое ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. У сваёй імпрэзе калектывы Дрыбінскага раёна пазнаёмілі гасцей свята з шапавальскай гульнёй «Камушкі», а таксама з языком шапавалаў — картушніцкім лемязенем, які да цяперашняга часу бытуе сярод шапавалаў.

Тэатралізаванае прадстаўленне адбылося цікавым і насычаным. Падчас канцэрта гледачы даведаліся, як раней на Магілёўшчыне вясну сустракалі, якія абрады праводзілі і песні пелі, як святкавалі веснавыя святы народнага календара.

mogilev-region.gov.by

Фотогалерея